Цёплы прыём і незабыўныя моманты

11 кастрычніка больш за 40 супрацоўнікаў музея-запаведніка «Нясвіж» пабывалі ў займальным падарожжы, наведаўшы гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» і Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які размешчаны ў аг. Азярцо.
Нашай мэтай было не толькі знаёмства з унікальнымі экспазіцыямі, але і ўмацаванне сувязяў і абмен прафесійнымі ведамі і вопытам з калегамі.
З самага пачатку было прыемна сустрэцца з прыязнай творчай камандай супрацоўнікаў музея народнай архітэктуры і побыту, якая аказала нам сардэчны прыём.
Нашы калегі былі вельмі гасцінныя і ахвотна дзяліліся сваімі ведамі і вопытам работы, падрабязна адказваючы на пытанні.
Такой жа цёплай была і сустрэча з калегамі ў Заслаўі. Нас азнаёмілі з экспанатамі і калекцыямі філіялаў мясцовага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Тут прадаставілася ўнікальная магчымасць пагрузіцца ў мінулае, адчуць непадробнае захапленне перад гістарычнай спадчынай і нацыянальным культурным багаццем краіны.
Мы вярнуліся з велізарным багажом уражанняў і выказваем вялікую падзяку нашым калегам за душэўны прыём і незабыўныя моманты!
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: