ВОСЕНЬСКІ ДЫВЕРТЫСМЕНТ
З 05 верасня па 15 лістапада Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» прадстаўляе выставу работ Мікалая Хомчыка «Восеньскі дывертысмент». Мікалай Хомчык нарадзіўся ў 1957 г. у г. Мінску. Рана пачаў займацца мастацкай творчасцю. Прыдумаў і распрацаваў свой уласны стыль жывапісу і графікі «NikMix», у якім працуе і цяпер. У 1979 г. прайшоў навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі мастакоў пры Мінскім таварыстве «Веды». Працы Мікалая неаднаразова экспанаваліся на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках, ён з’яўляецца лаўрэатам IV прэміі міжнароднага італьянска- расійскага конкурсу гратэскавага жывапісу і малюнку «Бараонда 2012». У перыяд працы ў Групе Савецкіх войскаў у Германіі яго карціны выстаўляліся ў Магдэбургскай мастацкай галерэі. Паспяхова ўдзельнічаў у выставах «Вернісаж» на «Славянскім базары», «Арт Сталіца» ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў г. Віцебску, у «Эксперыментальнай выставе» у г. Парэчча. У родным горадзе ўдзельнічаў у выставах «Сакавіцкія каты», «Аліса ў краіне цудаў», а ў «Мінскім Вернісажы» дзейнічае пастаянная экспазіцыя яго карцін. Свае працы мастак стварае не на звыклым палатне, а выкарыстоўвае аргаліт — гэты матэрыял падобны на ДВП. Фарба цудоўна кладзецца на яго, ствараючы адчуванне гладкага слізгацення, а фон, зроблены спосабам лесіроўкі, лёгкі і паветраны, нібы напісаны акварэллю. Мікалай аддае перавагу ў выкарыстанні мастыхіну, што дадае рэльефнасці і аб’ёму. Дынамічныя, яркія мазкі і тонкія хаатычныя лініі ствараюць адчуванне шкляных блікаў у калейдаскопе. Гэтая дзіўная цацка, вядомая яшчэ старажытным грэкам, не выпадкова называецца «гляджу прыгожае». Запрашаем на шпацыр па маляўнічым свеце Мікалая Хомчыка.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: