Услед за падзеяй. — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Услед за падзеяй.

Музей-запаведнік вось ужо ў 10-ы раз прымаў фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». У гэтым годзе на свяце на працягу трох дзён — 14, 15 і 16 чэрвеня — пабывала звыш 3 500 гасцей..
alt

У першы дзень з аншлагам на сцэне быў паказаны балет С. Пракоф’ева «Рамэа і Джульета» ў пастаноўцы народнага артыста СССР і Беларусі, мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Валянціна Елізар’ева, за дырыжорскім пультам быў Андрэй Галанаў. А крыху раней у Тэатральнай зале фестываль адкрываў канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Сало «Партрэты. Клаўдзія Шульжэнка ». У Фарным касцёле Божага Цела адбыўся традыцыйны канцэрт ад «Беларускай капэлы» «З Ойчам Адвечная», прысвечаная 200-годдзю Станіслава Манюшкі, складзены з твораў кампазітара.

Прыхільнікаў камернага жанру ў суботу, 15 чэрвеня, чакала Тэатральная зала, дзе ў выкананні вядучых салістаў оперы (Ірына Кучынская, Вікторыя Красінская, Віктар Скарабагатаў, Юрый Гарадзецкі) ізноў гучалі творы Станіслава Манюшкі. А ўвечары ва ўнутраным дворыку замка на сцэне прадставілі оперу «Тоска» у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. Вядучыя партыі ў драме (пад кіраўніцтвам маэстра Алега Лесуна) выканалі Ніна Шарубіна, Уладзімір Громаў, Сяргей Франкоўскі, Васіль Кавальчук.

16 чэрвеня струнны квінтэт «Серэнада» адкрыў трэці дзень фестывалю «З песняй па жыцці». У Тэатральнай зале ў выкананні калектыву, а таксама артыстаў аркестра і салістаў оперы — Таццяны Траццяк, Уладзіміра Пятрова і Аляксандра Міхнюка — прагучалі песенныя «хіты» савецкага кінематографа. А завяршыў традыцыйны фестываль класічнага тэатральнага мастацтва ў Нясвіжы Гала-канцэрт зорак оперы і балета. У праграме гледачы змаглі пачуць вядомыя оперныя арыі і дуэты і ўбачыць яркія нумары балетных шэдэўраў, у тым ліку і прэм’еру гэтага сезона — дывертысмент на музыку балета «Аднойчы на пастоі, або Трыумф кахання» ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай. Гледачы не хацелі адпускаць сваіх любімых артыстаў, якія падарылі ім сапраўднае свята: Анастасію Масквіну, Ірыну Яромкіну, Людмілу Хітрову, Таццяну Гаўрылаву, Кацярыну Галаўлёву, Ігара Артамонава, Уладзіміра Пятрова, Андрэя Валенція, Канстанціна Героніка, Станіслава Трыфанава, Алега Яромкіна, Юрыя Гарадзецкага, Ігара Аношка, Такатошы Мачыяма і многіх іншых. Дырыжыраваў у гэты вечар Алег Лясун і Іван Касцяхін.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: