Запрашаем на «Каляды ў Нясвіжы»
Другі раз у палацы Радзівілаў пройдзе фестываль “Каляды ў Нясвіжы”. 24 і 25 снежня вядомая піяністка Таццяна Старчанка, стваральнік і мастацкі кіраўнік "Музычнай гасцёўні" Белдзяржфілармоніі, і зоркі беларускай класічнай музыкі прадставяць тры канцэрты.
24 снежня ў Тэатральнай зале а 14 гадзіне фестываль адкрые праграма "Barocco and Jazz", дзе прагучыць любімая класіка ў элегантным джазавым чытанні.
Цэнтральнай падзеяй фестывалю стане непаўторная "Калядная ноч у замку" – канцэрт, які створыць асаблівы святочны настрой і падорыць адчуванне чараўніцтва і казкі.
24 снежня, пачатак анімацыйна-музычнага прывітання ў экспазіцыі – а 18 гадзіне, канцэрта – а 19 гадзіне.
25 снежня ў 14:00 таксама ў Тэатральнай зале гасцей чакае "Вялікі калядны канцэрт", на якім прагучаць вядомыя і любімыя творы А. Вівальдзі, Г.Ф.Гендэля, Й.С.Баха, Я.Голанда, М.Радзівіла.
Фестываль "Каляды ў Нясвіжы" – гэта цудоўныя музычныя канцэрты, казачная атмасфера старажытнага замка і адчуванне пераднавагодняга чараўніцтва. Прыязджайце – і пераканайцеся самі!
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: