Блюда “Таварыства вытворчасці фарфоравых і фаянсавых вырабаў М. С. Кузняцова” — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Блюда “Таварыства вытворчасці фарфоравых і фаянсавых вырабаў М. С. Кузняцова”

aa


Блюда “Таварыства вытворчасці фарфоравых і фаянсавых вырабаў М. С. Кузняцова”

             Блюда (КП 7224; К 162); Таварыства вытворчасці фарфоравых і фаянсавых вырабаў М. С. Кузняцова; Расійская Імперыя; г. Рыга; 1889 - 1917 гг.; фарфор; фармоўка, дэколь, роспіс золатам, паліва; 48,0 х 31,5 х 5,5 см.
            Таварыства вытворчасці фарфоравых і фаянсавых вырабаў М. С. Кузняцова – адна з найбуйнейшых фарфорава-фаянсавых вытворчасцей Расійскай Імперыі канца XIX — пачатку XX стст. Прамысловасць была наладжана ў гарадах Рыга, Цвер, Лікіна-Дулёва, мястэчках Буды, Пясочнае, Вярбілкі і інш.


            Яго прадукцыя вызначалася разнастайнасцю. Для сялян рабілі просты посуд без пышнага дэкору. Для гараджан вырабы ўпрыгожвалі “дваранскімі” роспісамі, але без ужывання дарагіх фарбаў. Для заможных дамоў стваралі посуд з багатым роспісам і “з залатым нутром”, калі ўнутраная частка кубкаў і талерак пакрывалася тонкім пластом золата. На ўсерасійскіх прамысловых выставах у Маскве (1872) і Ніжнім Ноўгарадзе (1896) за высокую якасць вырабаў Таварыства атрымала права змяшчаць на іх выявы дзяржаўнага герба. На міжнародных выставах у Парыжы (1889, 1890) узнагароджана залатымі медалямі, на міжнародных выставах у Рэймсе (1903), Льежы (1905) – Гран-пры.

            Таварыства праіснавала да 1917 г. У 1922 г. перарэгістравана ў Латвійскай Рэспубліцы. У 1940 г. нацыяналізавана па Законе Латвійскай ССР “Аб нацыяналізацыі банкаў і буйных прадпрыемстваў”.


  Першапачаткова блюда ўваходзіла ў сервіз, якім валодалі Мяшковы Аляксей Нікіфіравіч і Валянціна Сямёнаўна.  Падпалкоўнік Мяшкоў Аляксей Нікіфаравіч, уражэнец г. Курск (1917 г.н.), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і парада Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 г. Двойчы кавалер ордэна Чырвонай Зоркі і ордэна Чырвонага Сцяга, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны І ступені і Аляксандра Неўскага. Узнагароджаны медалямі: “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “За абарону Ленінграда”.
Аляксею Нікіфаравічу і яго жонцы, урачу Валянціне Сямёнаўне часта даводзілася мяняць месца жыхарства. Пры адным з пераездаў амаль увесь сервіз разбіўся, засталіся толькі 4 прадметы: два розных па памерах блюда, фруктоўніца і маленькая талерка.
 Блюда да 2021 г. захоўвалася ў сям’і сына  Аляксандра Аляксеевіча і яго жонкі Наталлі Леанідаўны. 30 верасня было падорана музею-запаведніку “Нясвіж”. Зараз яго можна ўбычыць ў пастаяннай экспазіцыі залы “Прыватныя калекцыі”.