КУБАК СА СПОДКАМ — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

КУБАК СА СПОДКАМ

aa



            Кубак са сподкам (фарфор; лепка, роспіс, паліва), створаныя Таварыствам вытворчасці фарфоравых і фаянсавых вырабаў М. С. Кузняцова ў с. Вярбілкі Дмітраўскага павета ў 1891 – 1917 гг.

Кубак з конусападобным сямігранным тулавам на ляпной высокай ножцы з невялікім фігурным дзяржаннем. Сподак у форме разнога ліста з  маленькім дзяржаннем-пяцелькай, борт сподка злёгку загнуты ўверх, хвалепадобны; дэкарырааваны рэльефнымі выявамі галінкаў з лісткамі.  Паверхня прадметаў пакрыта цёмна-зялёнай палівай, на фоне якой нанесены ручныя роспісы з выявамі блакітных дробных кветак з дробнымі салатавымі лісткамі і элементаў двух цёмна-жоўтых лістоў, накладзеных адзін на другі. Контуры кубка і сподка абведзены залатой стужкай. На знешні бок споду чайнай пары нанесена падпаліваная сіняя марка Таварыства М.С.Кузняцова з выявай Расійскай Імперыі, і надпісам: "Т- во/ М.С.КУЗНЕЦОВА/Д.Ф.".

            Фарфоравы завод у Вярбілках, заснаваны каля 1766 г. Ф.Я. Гарднерам, стаў адным з першых прыватных прадпрыемстваў у Расійскай Імперыі, дзе выраблялі высокамастацкі, якасны посуд і анімалістычныя скульптуры. У 1891 г. прадпрыемства выкупіў М.С. Кузняцоў, далучыўшы яе да “Таварыства М.С. Кузняцова” з правам выкарыстання кляйма “Гарднер”, выявы імперскага арла і ўсіх узнагарод. Таварыства займалася вытворчасцю чайных і сталовых сервізаў, царкоўнага начыння (лампады, жырандолі, свечачнікі), посуду да 100-годдзя Барадзінскай бітвы, анімалістычных скульптур і інш. У 1917 г. прадпрыемства было нацыяналізавана, перайменавана ў Дмітраўскі фарфоравы завод. Вытворчасць фарфору захавалася да нашых дзён пад назвай “Мануфактуры Гарднер у Вярбілках”, дзе, разам з сучаснымі вырабамі, ствараюцца прадметы мастацкай вартасці, адноўленыя па ўзорах  ХІХ ст.