Куфель
Куфель выраблены на фабрыцы срэбных вырабаў Мухінай Вольгі Філіпаўны ў Маскве ў 1893 г. з срэбра 875 пробы. Прабірны майстар Олекс Леў Фёдаравіч. У музейны фонд паступіў у 2017 г. ад прыватнага калекцыянера.
Куфель прызначаны для ўжывання квасу альбо піва. Тулава цыліндрычнае, гладкае, у верхняй і ніжняй частках упрыгожанае пукатымі рубчыкамі. Цэнтральная частка аздобленая гравіроўкай у выглядзе гірлянды з раслінных завіткоў, паабапал якога — букеты з дробных кветак, каласкоў і вузкіх лісцяў. Падобная гравіроўка гірлянды ўпрыгожвае адкідное, амаль пляскатае вечка. Дзяржанне С-падобнае, патоўшчанае, з завітком-захопам для адкрывання вечка. Патоўшчанае дзяржанне не дазваляе напою награвацца ад рукі.
У каталогах сустракаеца назва куфля “Stein”, што у перакладзе азначае “камень”. Цікава, што першапачаткова такім тэрмінам называліся толькі тыя куфлі, на якіх было адкідное вечка з рычажком для вялікага пальца.