МЕДАЛЬЁН

«Маці Божая Ларэтанская. Найсвяцейшае Сэрца Ісуса Хрыста»
сярэдзіна XVIII ст.;
латунь, чаканка, ліццё;
d - 1,5 см.
У экспазіцыі “Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, “Castrum doloris. Пахавальны цырыманіял Нясвіжскага двара», знаходзіцца невялікі экспанат, які мае, несумненна, вялікае сакральнае значэнне.
Гэты прадмет быў знойдзены пры даследаваннях у крыпце касцёла Божага Цела ў Нясвіжы ў рамках сумеснага літоўска-беларускага праекта.
Знойдзены ў саркафагу, дзе пахаваная Францішка Уршуля Радзівіл, — найбагацейшая спадчынніца свайго часу, пісьменніца і драматург, першая жанчына-пісьменнік у Польшчы і Беларусі.
Княгіня вельмі паўплывала на развіццё тэатра. Яе творы —унікальныя парасткі культуры на абшарах Вялікага Княства Літоўскага. Творчая дзейнасць Уршулі аказала вялікае значэнне ў станаўленні першых прыдворных тэатраў у XVIII стагодззі.
Стараннямі княгіні была абноўлена і грунтоўна абстаўлена замкавая бібліятэка ў Нясвіжы.
Муж Уршулі, Міхаіл Радзівіл Рыбанька, падчас перабудовы вырашае стварыць у сценах палаца капліцу. Па задумцы Рыбанькі, у капліцы павінен быў знаходзіцца цудатворны абраз Божай Маці Ларэтанскай, які ён атрымаў ад нашчадкаў караля Яна III Сабескага.
Сёння ў адноўленым алтары знаходзіцца копія Радзівілаўскага абразу, якая была падорана музею-запаведніку «Нясвіж» Мацеем Радзівілам. Арыгінал, паводле запавету продкаў, застаўся ў княжацкай сям'і і актыўна шануецца родам Радзівіл.
Экспанатам з'яўляецца медальён: двухбаковы, круглы, з вушкам наверсе, на аверсе — выява Маці Божай Ларэтанскай з Дзіцяткам Ісусам на руках, якая стаіць на паўмесяцы. Гэты абраз Божай Маці прадстаўлены ў Бібліі, у кнізе Аб'яўлення святога Іаана Багаслова: «З'явілася на небе вялікая азнака: жонка, надзеленая ў сонца; пад нагамі яе месяц, а на чале яе вянок з дванаццаці зорак» (Адк. 12, 1). Кругавая легенда неразборлівая.
На рэверсе - выява Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста ў цярновым вянку. Над сэрцам - полымя і крыж. З манаграмай: "IHS" (Iesus Hominum Salvator - Ісус, выратавальнік чалавецтва).
Медальён быў прышыты да аднаго з рэліквараў малога шкаплера– сакрамэнтара для захоўвання святых рэліквій, які насілі на целе. На шкаплерах з аднаго боку звычайна адлюстроўваўся Ісус з сэрцам, якое выпускае промні святла, на другім – Маці Божая з немаўлём. Замест самой Дзевы Марыі можа быць намалявана яе сэрца, працятае мячом. Усяго існуе 18 зацверджаных каталіцкай царквой шкаплераў.