Падлогавы гадзіннік з месяцовым календаром — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Падлогавы гадзіннік з месяцовым календаром



Падлогавы гадзіннік з месяцовым календаром

белчасы.png

 

У «Паляўнічай зале» Нясвіжскага замка экспануецца падлогавы гадзіннік з месяцовым календаром.

Выраблены ён у канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. у Англіі. Кляймо "I * H" на корпусе механізму сведчыць, што майстрам гадзінніка з'яўляецца Джэймс Бэры Пантэфракт ("James Berry Pontefract").

Корпус гадзінніка, зроблены з дуба, складаецца з тумбы, шафкі і верхняй часткі з механізмам. Дэкор сціплы, асноўную ўвагу прыцягвае маляўнічы цыферблат з аркай.

Над стрэлкамі – секундамер з арабскімі лічбамі, пад стрэлкамі – дата.

У арцы размешчаны месяцовы каляндар з буйнымі арабскімі лічбамі, упрыгожаны ручным роспісам з выявай сонца, месяца, сельскага пейзажу, караблёў.


У ХVІІІ ст. сярод гадзіннікавых майстроў Еўропы стала папулярным на паўкруглай паверхні цыферблата адлюстроўваць рух сонца, зорак і месяца. Забяспечаныя прымітыўным механізмам, аб'екты маглі рухацца ўверх-уніз, з боку ў бок і выконваць іншыя манеўры. На цыферблатах пісалі лозунгі з філасофска-павучальным адценнем, як, напрыклад: "Час дорагі", "Чалавек яшчэ не нарадзіўся, а дні яго ўжо палічаныя", "Час ідзе".

Упрыгожанне цыферблатаў ператварылася ў індустрыю. У адным толькі Бірмінгеме было 40 фірмаў, якія выраблялі цыферблаты па замове з надпісамі пэўных імёнаў, назвамі мясцовасцяў, з ухвальнымі афарызмамі на бірмінгемскіх і іншых дыялектах.