Шкатулка музычная

Германская Імперыя; пачатак ХХ ст.; дрэва, шкло, метал, папера, шпон; работа сталярная, зборка, клеенне, вытворчасць прамысловая; h - 7,9 см, b -11,8 см,
h - 6,0 см.
Шкатулка прамавугольнай формы, фанеравана шпонам карэльскай бярозы. Вечка адкідное, на знешнім баку ў цэнтры – картуш чорнага колеру з літарамі "RF". На ўнутраным баку вечка – рэшткі каляровай наклейкі з надпісам. Музычны механізм знаходзіцца ў асноўнай частцы, складаецца з металічнага цыліндра са штыфтамі, заваднога механізма і сталёвых грабянцоў. Пры кручэнні вала штыфты чапляюцца за зуб'і грабянцоў, прайграваюць арыю тарэадора з оперы Жоржа Бізэ "Кармэн". Механізм прыводзіцца ў дзеянне пры дапамозе ключа, які знаходзіцца з вонкавага боку аснавання.
Убачыць дадзеную музычную шкатулку можна ў музейнай экспазіцыі нясвіжскай ратушы.
Падобныя прадметы прызначаліся выключна дзеля задавальнення. Яны абуджалі ўспаміны аб мінулым, супакойвалі далікатнымі мелодыямі і дапамагалі ізноў адчуць сябе дзецьмі. Варта толькі некалькі разоў павярнуць ключык. За ўсёй немудрагелістасцю хаваецца выключна складаны механізм узаемазлучаных колцаў, зубчыкаў і прывадаў.
Музычная шкатулка была вынайдзена швейцарскім зэгармістрам Антуанам Фаўрам ў 1796 годзе. Першыя музычныя шкатулкі былі такімі маленькімі, што змяшчаліся ў кішэні. З’яўляліся сімвалам дабрабыту і займалі ганаровае месца ў доме. Пазней музычны механізм манціравалі ў куфэркі, скрыначкі, прызначаныя для жаночага рукадзелля, строгія несэсэры, какетлівыя скрыначкі для ўпрыгожанняў. У шкатулках маглі быць патаемныя шуфлядкі і скрыначкі, двайное дно.