Часовая экспазіцыя “Выпадковае”
З 18 лютага па 18 красавіка ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля дзейнічае часовая экспазіцыя “Выпадковае” сучасных мастачак Марыны Канавалавай і Алы Шкарадзёнак.
Шчаслівы выпадак звёў калісьці дзвюх мастачак Марыну Мару (Марыну Канавалаву) і Алу Шкарадзёнак на выставе ў Траецкім прадмесці горада Мінска. З таго часу іх творчыя лёсы знаходзілі кропкі дотыку — у пленэрах, сустрэчах, імкненні шчодра аддаваць сваю творчасць у багатай педагагічнай дзейнасці і ў выставачных праектах.
Выстава “Выпадковае” не мае адной тэмы, тэхнікі, яна складаецца з разнапланавых работ, зробленых за апошнія гады. У гэтым, на першы погляд, выпадковым падборы работ сабраны фрагменты разнастайных уражанняў жыцця, прапушчаныя праз прызму ўспрымання мастакоў, пераплаўленыя творчай аўтарскай манерай. Яны разгарнуліся для гледача ў адзіны стройны гімн радасці існавання.
Мастачкі запрашаюць спыніцца, паразважаць у цішыні вобразаў і колеру, убачыць прыгажосць, увайсці ў рэзананс з усім выпадкова невыпадковым, што з намі адбываецца, азірнуцца на мінулае, адчуць цікавасць да гісторыі Нясвіжа, бо і аўтараў уражвае і чаруе веліч гісторыі горада.