Флаг РБ Герб РБ

Часовая экспазіцыя “РЭСТАЎРARTАР. Часопіс гісторыі мастацтва, тэорыі і рэстаўрацыі”

З 28 ліпеня па 15 лістапада 2026 г. у калекцыйнай зале Палацавага ансамбля дзейнічае часовая экспазіцыя “РЭСТАЎРARTАР. Часопіс гісторыі мастацтва, тэорыі і рэстаўрацыі”.

Захаванне культурнай спадчыны - адна з найважнейшых задач Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Менавіта з гэтай мэтай у структуры музея-запаведніка было створана рэстаўрацыйнае падраздзяленне. Спецыялісты штодзённа дбаюць пра тое, каб музейныя каштоўнасці і творы мастацтва захоўвалі сваё гістарычнае і эстэтычнае значэнне для будучых пакаленняў.

У калекцыйнай зале прадстаўлены праект аб “Нябачнай працы” рэстаўратараў - вялізным даследчым, тэхналагічным і карпатлівым працэсе, схаваным за кулісамі музейных экспазіцый. Сапраўдная мэта майстроў - не проста “зрабіць прыгожа”, а спыніць старэнне матэрыялу і падоўжыць жыццё твору мастацтва на стагоддзі.

У сваёй працы рэстаўратары выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі і навуковыя методыкі, спалучаюць традыцыі і інавацыі. Яны займаюцца аднаўленнем і кансервацыяй розных матэрыялаў: паперы, дрэва, металу, керамікі, тэкстылю і жывапісу. Работа рэстаўрацыйнай групы - гэта дбайная праца, накіраваная на захаванне помнікаў гісторыі для наведвальнікаў музея і наступных пакаленняў.

 

Наведаць выставу можна па ўваходных білетах на пастаянную экспазіцыю Палацавага ансамбля.