“Нясвіж – набытак сусветнай культуры”
Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” у рамках пагаднення аб супрацоўніцтве з Болгарскім дзяржаўным гісторыка-архітэктурным музеем-запаведнікам” (г. Болгар, Рэспубліка Татарстан) прадстаўляе выставу “Нясвіж – набытак сусветнай культуры”.
Нясвіжскі замак і яго музейную экспазіцыю можна разглядаць як галоўную энцыклапедыю беларускага і еўрапейскага мастацтва і культуры. Практычна ўсё, што мы хочам прадставіць як веліч і значэнне беларускага мастацтва і культуры, захоўвалася ў Нясвіжы і зараз прадстаўлена ў музеі, які стаў сімвалам рэнесанснай прыгажосці, барочнай дынамікі і класічнай правільнасці XVI-XVIII стагоддзяў. Кнігавыданне, галерэі гістарычнага жывапісу, нацюрморта і партрэта, першыя беларускія тэатральныя праекты, першая опера, знакамітыя музыканты – усё гэта Нясвіж.
Унікальныя фотаздымкі экстэр'ераў, інтэр'ераў і цудоўных экспазіцыйных залаў запрашаюць у падарожжа па гістарычнай архітэктуры і мастацкіх скарбах Палацавага-паркавага ансамбля ў г. Нясвіж.
Аўтары праекта - беларускія журналісты Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, лаўрэаты прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".
Гэты выставачны праект унесены ў план мерапрыемстваў "Дарожная карта" па развіццю двухбаковых адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Татарстан на 2026 год.
Тэрмін дзеяння выставы: з 24 лютага па 28 сакавіка 2026 года.
Месца правядзення: Музей Болгарскай Цывілізацыі.