“Погляд у мінулае”
Часовая экспазіцыя “Погляд у мінулае” прадстаўляе творы сучаснага мастака Віктара Варанкевіча.
Віктар Сяргеевіч Варанкевіч нарадзіўся ў 1961 годзе ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Настаўнікі: В.І. Гусеў, С.Б. Баткоўскі, І.К. Атраховіч, А.Ф. Семілетаў. У 90-я гады займаўся рэстаўрацыяй абразоў і жывапісу. Адначасова стаў кіраўніком выяўленчай студыі пры ДЮК “Атлант”, дзе працаваў 34 гады. З 2011 года быў прыцягнуты да капійнай працы ў музеях Беларусі (у тым ліку Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, музей “Замкавы комплекс “Мір”). З 2015 года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Яго творы знаходзяцца ў фондах вядучых музеяў Беларусі і прыватных калекцыях.
На часовай экспазіцыі прадстаўлены 11 карцін мастака, якія з’яўляюцца творчай рэканструкцыяй. Ідэя стварэння ўзнікла падчас непасрэднай працы з фондамі жывапісу беларускіх музеяў. Трыпціх “Шляхцянкі” дэманструе спробу мастака аб’яднаць парсунны жывапіс з традыцыяй беларускага абраза, дзе прысутнічае дэкаратыўны разны фон з залачэннем.
Тэрмін дзеяння часовай экспазіцыі: 4.10.2022 - 30.11.22 гг.
Месца правядзення: выставачная зала інфармацыйна-касавага цэнтра.
Уваход вольны.