«Стары Брэст-Нясвіж» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

«Стары Брэст-Нясвіж»

«Стары Брэст-Нясвіж»

З 14 снежня 2021 года па 14 сакавіка 2022 года ў Вялікай выставачнай зале палаца Радзівілаў дзейнічае часовая экспазіцыя работ «Стары Брэст-Нясвіж» члена Беларускага саюза мастакоў Анастасіі Фецісавай «Стары Брэст-Нясвіж». Выстава арганізавана пры супрацоўніцтве ўстановы культуры «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей». Уваход вольны.

Назва часовай экспазіцыі адлюстроўвае галоўную тэму экспануемых работ - гісторыю і культуру двух беларускіх гарадоў. Аўтар акцэнтуе ўвагу на ролі Брэста і Нясвіжа як культурных цэнтраў у гісторыі Рэчы Паспалітай.

Анастасія Фецісава нарадзілася ў сям'і вядомага брэсцкага мастака Івана Якаўлевіча Фецісава. Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымала спецыяльнасць па класе харавога дырыжыравання ў Мінскім музычным вучылішчы. У 1982 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер - Беларуская акадэмія мастацтваў). Да 1990 года праектавала інтэр'еры грамадскіх будынкаў і выконвала манументальна-дэкаратыўныя работы. Зараз займаецца роспісам эмаллю па метале, а таксама станковым жывапісам у гістарычным жанры.

З 1987 года актыўна ўдзельнічае ў міжнародных выставах і пленэрах (Варшава, Масква, Германія і інш.), а таксама праводзіць персанальныя выставы ў Беларусі і за яе межамі.

Работы знаходзяцца ў калекцыях Брэсцкага краязнаўчага музея, Музея абароны Брэсцкай крэпасці, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, у гістарычных музеях Кобрына і Пінска, а таксама ў прыватных калекцыях у Германіі, Галандыі, Харватыі, ЗША, Польшчы.

«Грамадства, якое памятае і ведае сваю гісторыю - гэта народ. Я нарадзілася ў Брэсце, гісторыяй цікавілася, паколькі любіла хадзіць па вуліцах, разглядаць дамы, амаль усё маё юнацтва прайшло на тэрыторыі знакамітай Брэсцкай крэпасці. І вось аднойчы мяне напаткала тое пачуццё, калі даведалася і ўсвядоміла, што пад гэтымі руінамі спіць гісторыя горада. І мне захацелася ўбачыць і ўзнавіць яго візуальнае аблічча. Стала супрацоўнічаць з музеямі, гісторыкамі, і паступова па дакументах пачалі з'яўляцца храм за храмам, дамы, вуліцы, партрэты гістарычных асоб, лёс якіх быў звязаны з Брэстам. І тады зацікавілася гісторыяй, прыглядалася да іншых гарадоў. Адным з самых цікавых аб'ектаў у Беларусі мне падаўся Нясвіж, а менавіта Нясвіжскі замак роду Радзівілаў. Замак ніколі не быў разбураны дашчэнту, шмат што захавалася, і стала шукаць нітачкі, якія злучаюць яго гісторыю з Брэстам. У серыі маіх гістарычных партрэтаў ёсць партрэт Мікалая Радзівіла Чорнага. Пад яго заступніцтвам і ў яго ўладаннях дзейнічалі друкарні ў Брэсце і ў Нясвіжы. Самым выдатным выданнем гэтай друкарні стала Брэсцкая Біблія, ініцыятарам якой быў сам Мікалай Радзівіл Чорны, ён жа аплаціў усе выдаткі, дзякуючы чаму гэтая Біблія вядома, як Радзівілаўская. А сын яго Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка быў знакавай асобай для Нясвіжа. Таму было прынята рашэнне дапоўніць серыю яго партрэтам, і я рада, што першым горадам, які ўбачыць зніклы з аблічча зямлі стары Брэст у маіх працах, будзе Нясвіж».

Анастасія Фецісава.