“ТАЙМЛАПС” — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

“ТАЙМЛАПС”

“ТАЙМЛАПС”

З 15 ліпеня па 30 верасня ў выставачнай зале аддзела інфармацыйнай і экскурсійнай дзейнасці Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” дзейнічае часовая экспазіцыя работ Любові Абрамавай “ТАЙМЛАПС”. На выставе прадстаўлены работы ў акварэльным жывапісу.

 

Любоў Абрамава – мастак-графік. Працуе ў тэхніцы акварэль. Скончыла аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2008 г.— сябра грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз мастакоў”. У 2017 г. скончыла магістратуру БДУ, прысвоена ступень магістра мастацтвазнаўства. З 2017 г. выкладае мастацкія дысцыпліны ў БДУ.

                            

Любоў Абрамава з 1998 г. прымае ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах. Работы знаходзяцца ў калекцыі Беларускага нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва ў Мінску, у прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, Вялікабрытаніі, Галандыі, Бельгіі, Грэцыі, ЗША, Ізраіля, Кітая.

 

“Выстава “ТАЙМЛАПС” складаецца з работ некалькіх серый, якія блізкія па сваім стане: “Месца пасялення”, “D*ART*S”, “Кубы”. Работы — месца бесцялеснага пасялення мастака. Прадметы, трапляючы ў маё поле зроку, ператвараюцца ў адмысловыя таямнічыя знакі, убіраюць у сябе жыццёвую энергію, насычаюцца колерам і ствараюць на работах свой уласны свет. Тэхніка акварэлі патрабуе асаблівага ўнутранага натхнёнага стану. Эмоцыі, якія перажываюцца ў крайніх межах сваёй формы, з'яўляюцца крыніцай творчай энергіі. Іх апошняя кропля — імпульс для нараджэння новай работы. Акварэль спагадная — яе непрадказальная цякучасць стварае непаўторныя адценні і фактуры. З’яўляецца жывая вібрацыя. Увесь працэс працы ў гэтай тэхніцы — пастаяннае балансаванне: мастак вядзе акварэль або акварэль — мастака. Тут галоўнае — здолець прайсці па тонкай грані і не зрушыцца ні ў адзін з бакоў. Яшчэ важна знайсці меру канцэнтрацыі і лёгкасці. Я гляджу на прадметы са здзіўленнем, бачу водбліскі чагосьці таямнічага, таго, што для мяне не даступна… Візуальныя ўвасабленні прадметаў — гэта маскі, якія затуляюць сутнасць, якая залежыць ад назіральніка, з'яўляючыся яго адлюстраваннем. Маска, якая затуляе маску жыццёвую, фактычна, праяўляе сутнасць, дае адчуванне свабоды, магчымасць бяспечна адкрыць свой унутраны сусвет. У гэтай прасторы спалучаецца глыбіня адчуванняў, эмоцый з лёгкасцю і празрыстасцю акварэлі….» Любоў Абрамава.