“З вытокаў…”
З 19 мая па 30 чэрвеня 2022 г. у зале аддзела інфармацыйнай і экскурсійнай дзейнасці праходзіць выстава мастацкіх твораў Алы Судніковіч “З вытокаў…”.
Нарадзілася мастачка ў 1962 г. на Вілейшчыне ў в. Крывое сяло. У 1981 г. скончыла Бабруйскае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Зараз працуе мастаком у Вілейскім Цэнтры эстэтычнага выхавання.
З 2021 г. – удзельніца мастацкіх выстаў у Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы, Палацы Рэспублікі і інш.
Персанальныя выставы адбыліся ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі імя Якуба Коласа, Вілейскім краязнаўчым музеі і інш.
Работы Алы Судніковіч здзіўляюць сваёй узнёсласцю і філасофіяй, разнастайнасцю эксперыментальных ідэй (беларускі народны роспіс, папера, пластыка). Мастацкія творы і аплікацыі выкананы ў розных тэхніках з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу, метала, фальгі, паперы. У даволі простай выяўленча-дэкаратыўнай манеры ў сваіх творах мастак увасабляе вечнае і непаўторнае. У той ці іншай сюжэтнай кампазіцыі яна раскрывае свой погляд на свет, дзе вельмі выразна спалучае традыцыі народнага мастацтва з сучаснасцю, выяўляе свой унутраны стан.
Станаўленню мастака спрыялі сямейныя традыцыі, незабыўныя бабуліны вышыванкі, тканыя посцілкі і рушнікі, маляванкі, самабытнасць народных майстроў, прыгожыя краявіды роднага куточка…