Экспанат месяца

9.jpg
Набор камінны
  • Складаецца з гадзінніка і дзвюх дэкаратыўных ваз.
    Гадзіннік камінны з ртутным ківачом Грэхема; вытворца механізма "Samuel Marti & Cie"; Французская Рэспубліка; пачатак XX ст.; бронза, мармур, шкло, метал; ліццё, тачэнне, зборка; h - 59,0 см; b - 27,0 см;
  • Гадзіннік выкананы ў выглядзе порціка на чатырох калонах з ружовага мармуру розных адценняў, увянчаны фігурай бронзавага ільва, дэкараваны бронзавымі накладнымі гірляндамі. Цыферблат круглы з рымскімі лічбамі на белай эмалі, цэнтральная частка аздоблена гільяшыраваннем па металу. Механізм з цыферблатам закрыты празрыстым шклом. Шкляныя дзверцы з фаскай на пярэдняй і задняй сценках забяспечваюць доступ для заводу і рамонту механізма. Прамавугольнае аснаванне гадзінніка ўстаноўлена на чатырох ножках-юлах. На механізме клеймы: круглы медаль з надпісам: "Médaille d'Or Samuel Marti Paris 1900"; “MADE IN FRANC”; нумар 561758.

  • Клеймы сведчаць аб тым, што механізм гадзінніка створаны на фабрыцы Сэмуэля Марці ("Samuel Marti & Cie") – адной з буйнейшых французскіх вытворцаў, якія выраблялі гадзіннікі цалкам і асобна механізмы, для рэалізацыі бронзаліцейным і мэблявым канторам. За высокую якасць прадукцыі фабрыка некалькі год узнагароджвалася ганаровымі медалямі на выставах у Парыжы: 1860 г. – бронзавым, 1889 г. – срэбным, 1900 г. – залатым. Дадзены механізм гадзінніка, маркіраваны залатым медалём, сведчыць аб тым, што камінны набор створаны пазней 1900 г.

  • Дэкаратыўныя вазы падобныя па стылю і дэкору да гадзінніка. Выраблены ў Французскай Рэспубліцы ў пачатку XX ст. Створаныя з ружовага мармуру розных адценняў і бронзы ў форме амфар. Устаноўлены на чатырохвугольных, ступеньчатых аснаваннях, якія апіраюцца на чатыры ножкі-юлы.

alt
Ртутны ківач быў вынайдзены Джорджам Грэхемам, таленавітым лонданскім навукоўцам, які займаўся даследаваннямі ўплыву розных прычын на дакладнасць ходу гадзіннікаў, зрабіў выснову, што першараднае значэнне мае змяненне тэмпературы. Пасля вызначэння каэфіцыентаў тэмпературнага пашырэння многіх металаў, Грэхем вынайшаў кампенсацыйны ківач гадзінніка напоўнены ртуццю, бо каэфіцыент цеплавога пашырэння ў яе вышэй чым у жалеза. Калі тэмпература павышаецца, расце і даўжыня ківача. Дзякуючы таму, што ртуць у трубцы падымаецца, цэнтр цяжару ківача апускаецца. Усё гэта дазволіла дабіцца бездакорнасці і дакладнасці механізму ходу гадзінніка.
alt